Вольга Калеснікава: «Неба мяне аберагае…»
Газета «Звязда», Алена ДРАПКО 25.09.2014 00:25
У ёй сумяшчаецца несумяшчальнае: перфекцыянізм, рамантызм і жвавасць. З музыкай яна хацела развітацца ў другім класе, бо здавалася, што нічога не атрымліваецца. У выніку наша гераіня «на выдатна» скончыла музычную школу, выйграла больш за дзясятак конкурсаў, а цяпер задалася мэтай запаліць сваю зорку на эстрадзе. Вольга Калеснікава падзяляе думку, што сапраўдны талент павінен сам адшукаць свой шлях. Ці ўдалося гэта ёй, мы распыталі падчас сустрэчы.
Яе першым прадзюсарам можна лічыць маці: менавіта яна прывяла дачку ў музычную школу. Пасля яе заканчэння дзяўчына працягвала спяваць у хоры «Тоніка», дзе кіраўніком быў Уладзімір Клундук, які «не проста любіў музыку, а ўмеў раскрыць яе ў іншых». Як пазней скажа Вольга, тыя гастролі па краінах Еўропы ў многім паўплывалі на яе фарміраванне як музыканта. У 16 гадоў яна трапіла да выкладчыцы вакалу Алы Дзмітрэвіч і пачала працаваць над запісам першых песень, удзельнічаць у розных конкурсах. Самай значнай аказалася перамога на музычным форуме мастацтва ў Юрмале, адкуль вярнулася з «Бурштынавай зоркай».
— Для мяне яна як сімвал таго, што мой першы крок на вялікай сцэне быў паспяховым. І часам, калі бывае тужліва, я гляджу на яе і супакойваюся, — дзеліцца Вольга.
Пасля было шмат іншых конкурсаў, фестываляў, як у Беларусі, так і за мяжой — у Малдове, Украіне, Расіі і нават у ЗША, але юрмальскі і сёння адгукаецца ў памяці цёплым успамінам.
— Канцэртная зала «Дзінтары», у журы — Рыкарда Фольі. Для мяне той конкурс быў адным з самых значных.
Менавіта пасля гэтага дзяўчына стала адказна ставіцца да прапаноў удзельнічаць у такіх мерапрыемствах. Напрыклад, сёння адзін з яе прынцыпаў — ігнараваць платныя конкурсы. Таксама Вольга заўзяты праціўнік выступленняў «пад плюс»:
— Спяваць пад фанаграму — значыць праяўляць непавагу не толькі да аўдыторыі, але ў першую чаргу да сябе. Калі ў цябе шчыльны графік канцэртаў, ты павінен клапаціцца пра голас. Памятаю, у мяне быў выпадак, калі давялося выступаць на адкрытай пляцоўцы зімой і я пасля захварэла. Тады крыху перагледзела стаўленне да працы. Аднак я за стапрацэнтны жывы гук і паважаю артыстаў, якія працуюць жыўцом…
— Але конкурсы — гэта магчымасць завязаць патрэбныя кантакты, — вяртаюся да распачатай тэмы. — У вас былі лёсавызначальныя сустрэчы?
— Да таго, каб ацэньваць нейкія сустрэчы з пазіцыі іх магчымага ўплыву на тваё жыццё, трэба быць падрыхтаваным. Я многа ездзіла, завязваліся розныя знаёмствы з канкурсантамі, з членамі журы, аднак толькі напрацаваўшы пэўны вопыт, разумею, што і як. З-за чаго, мабыць, страціла шмат магчымасцяў у свой час.
Сама ж конкурсы выбірала, сама ездзіла на іх. І тады не ўзнікала думак кшталту: маўляў, «вось там рэжысёр з Піцера пакінула свае каардынаты — значыць, трэба паехаць на праслухоўванне». Цяпер жа ў мяне пачынаецца новы этап. Напрыклад, падчас аднаго з апошніх конкурсаў у Новарасійску (на конкурсе «Марскі вузел» Вольга заняла сёлета першае месца. — Аўт.) мы мелі магчымасць пазнаёміцца з мэрам горада. Лаўрэаты атрымалі шанц прыехаць у горад на іншыя канцэрты. Таксама члены журы з Масквы пакінулі свае кантакты і папрасілі даслаць ім наш матэрыял. Таму сёння я ўжо не толькі займаюся творчасцю, але і спрабую рабіць нейкія крокі па яе прасоўванні.
Бацькі, дарэчы, жаданне адзінай дачкі зрабіць кар’еру спявачкі падтрымліваюць. А яна сама некалі вельмі баялася расчараваць іх сваім выбарам. У школе была выдатніцай і збіралася паступаць на юрыдычны факультэт БДУ. Калі ж паступленне супала з чарговымі конкурснымі «гастролямі», Вольга зразумела, што збочыць з гэтага шляху не можа. І пайшла вучыцца ва Універсітэт культуры, потым выкладаць у музычнай школе №1 Мінска, у сценах якой сама некалі спасцігала «азы» музыкі. З дзецьмі дзяўчына працуе ўжо амаль пяць гадоў, дзякуючы чаму не губляе вельмі важнага — здольнасці марыць:
— Побач з імі я гляджу на свет шырока расплюшчанымі вачыма, і хочацца верыць толькі ў лепшае. У такія моманты я нібы нешта ўваскрашаю ўнутры сябе, няхай дзіцячае, наіўнае, але гэта дорыць новыя адкрыцці, магчымасць глядзець на звычайныя рэчы па-новаму. І, галоўнае, дзеці — мой стымул не стаяць на месцы.
— А музыка здольная стварыць цуд?
— Мастацтва наогул лечыць душы людзей, духоўна ўзбагачае нас. Я, напрыклад, адчуваю гармонію, наведваючы цікавы канцэрт. І магчымасць дасягнуць гэтага стану і ёсць для мяне праява цудадзейных уласцівасцяў музыкі.
Яе галоўныя мары сёння пра тое, каб былі здаровымі блізкія. А шчаслівай яе робіць любімая праца. Вольга прытрымліваецца класічнага рэцэпту:
— Для поспеху неабходна 99 працэнтаў працавітасці. Я бачыла розных людзей: адным не хапае самаарганізацыі, другім — чалавека, які накіраваў бы да дасягнення мэты, і тады яны губляюцца, талент раствараецца. А калі працуеш, працуеш, то так лёгка не здаешся.
— А як прыйшлі да думкі, што творчасць можа прыносіць яшчэ і дывідэнды?
— Мабыць, наступіў момант, калі зразумела, што час сыходзіць, а да нейкага канкрэтнага выніку я не наблізілася. Таму зрабіла нават творчы перапынак — два гады маўчання без стварэння песень і вершаў. Вырашыла, што трэба нешта змяняць, прычым карэнным чынам. Пачалося ўсё з паступлення ў Акадэмію мастацтваў, куды я прыйшла, каб паглядзець, што такое акцёрскае майстэрства, сцэнічная мова — словам, захацелася глыбей капаць, бо выкананне і складанне музыкі — адна справа, а вось артыст і яго сцэнічная рознабаковасць — зусім іншае. У творчай атмасферы знайшла штуршок да далейшага развіцця. Праца над сабой, сустрэча з Арцёмам (Арцём Еўсіевіч — малады рэжысёр, разам з якім Вольга стварыла эксперыментальную студыю-школу музычнага і тэатральнага мастацтва «КОД’А». — Аўт.), чалавекам-вар’ятам, калі казаць пра яго імкненні і творчыя задумкі, а тут яшчэ і мой аднакурснік Антон падключыўся (Антон Шакулін — малады кампазітар-аранжыроўшчык; у творчым тандэме з хлопцамі быў створаны мюзікл «Прафесія ГрусТнік». — Аўт.), з якім працую над першым музычным альбомам. Можа, гэта таксама знак лёсу?
— Чым збіраецеся зацікавіць аўдыторыю?
— Мы знялі першы кліп на песню «Мой дом». Пакуль што я яшчэ не магу спыніцца і неяк ацэньваць зробленае. Я поўнасцю аддаюся працэсу, а час пакажа, наколькі наша праца прадуктыўная, адгукнецца на яе нехта альбо не. Першы крок зроблены, працуем над новымі песнямі. Перадусім хачу, каб быў свой рэпертуар. Для мяне гэта перш за ўсё маё слова ў музыцы. Нават нядаўна ў Іспанію наведалася з мэтай паказаць сваю творчасць. Бо я ўжо вырасла з конкурсаў і цяпер маю патрэбу гаварыць пра іншыя рэчы на сваёй мове.
— З бачаннем уласнага стылю, тэматыкі ў творчасці ўжо вызначыліся?
— Ведаеце, я доўгі час выконвала розныя кампазіцыі, не ведаючы, чаго хачу дакладна. Рабіла спробы ў напісанні музыкі, хоць і не адношу сябе да кампазітараў. А цяпер бачу, якую лінію мне трэба развіваць. Як аўтар, я цікаўлюся філасофскімі тэмамі. Напрыклад, першая кампазіцыя «Мой дом»: як бы далёка ні імкнуўся чалавек зайсці ў сваіх памкненнях, ён сэрцам заўсёды вяртаецца ў родныя сцены. Сама часта бываю ў раз’ездах і ведаю, наколькі важна адчуваць падтрымку родных, калі ты далёка. Як бы пафасна тое ні прагучала, але я люблю нашу краіну, бо тут мой дом, мая сям’я. І першая песня адлюстроўвае ўсё тое, чым я даражу. Мяне хвалюе тэма месца чалавека ў сучасным свеце, мне блізкая гарадская лірыка, напоўненая фарбамі пачуццяў і перажыванняў людзей, якія вечна знаходзяцца ў пошуках сэнсу жыцця. У наступнай песні, над якой мы працуем, «Гук за сцяной», я расказваю якраз пра тое, што часта ў гонцы за поспехам мы прыходзім да фінішу, не адчуваючы шчасця і задавальнення. Бо ўсюды прапагандуюцца нейкія мадэлі, шаблоны шчаслівага існавання — а гэта ўсё пустое. Я лічу, што перш за ўсё трэба слухаць сваё сэрца і рабіць тыя крокі, якія напаўняюць цябе гармоніяй. Жыві, не здраджваючы сабе, — вось з чаго пачынаецца мая музыка.
Сёння Вольга рыхтуецца сказаць сваё слова як музыкант, якому ёсць чым падзяліцца. Ці не баіцца гэтая пяшчотная дзяўчына трапіць у асяродак шоу-бізнесу, дзе можна сутыкнуцца з нядобразычлівасцю і зайздрасцю…
— Мне ўжо неаднойчы даводзілася сутыкацца з праявамі таго, пра што вы кажаце, але неба мяне аберагае. Таксама лічу, што маю дастаткова моцны характар, а ў такіх сутыкненнях выпрацоўваецца ўнутраны стрыжань.